Перайсці да зместу

Leopardus tilcayo

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Leopardus tilcayo
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Leopardus tilcayo Nogales-Ascarrunz, Aliaga-Rossel, Lescroart & Eizirik, 2026


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  1290507

Leopardus tilcayo — від млекакормячых з роду паўднёваамерыканскіх катоў[en] сямейства каціных (Felidae), які жыве ў Балівіі. Дробны драпежнік, памерам меншы за свойскага ката[1].

Жывёлу знайшоў у 2016 годзе малады балівіец і забраў дадому, мяркуючы, што гэта свойскі кот[2]. Яго сям’я клапацілася пра знайдыша больш за год; за гэты час яны заўважылі, што звер палюе на курэй, а яго мяўканне адрознае ад звычайнага кацінага[3], пасля чаго ў 2017 годзе «дзіўнага ката» перадалі ў прытулак[4][5]. Прытулак звязаўся з даследчыцай Паолай Нагалес-Аскарунц[1] (ісп.: Paola Nogales-Ascarrunz), якая занялася даследаваннем жывёліны.

Від апісаны калектывам аўтараў з розных навуковых устаноў у 2026 годзе[6], вынікі апублікаваны 17 верасня[5][1]. У тым жа даследаванні апісваецца новы падвід анцыл[be-tarask] (Leopardus tigrinus) — Leopardus tigrinus antisuyo з суседняга Перу[7]. Від стаў першым за больш чым сто гадоў сярод апісаных дзікіх каціных[5][1]. Адкрыццё адбылося на фоне агульнай рэвізіі сістэматыкі паўднёваамерыканскіх дробных каціных, сярод якіх анцыла[be-tarask], даўгахвосты кот[be-tarask], чылійскі кот[be-tarask] і дзікі кот Жафруа. Спачатку Паола Нагалес выказала здагадку, што асобіна з’яўляецца незвычайнай разнавіднасцю анцылы[3], і толькі генетычнае даследаванне канчаткова пацвердзіла, што перад навукоўцамі новы від[3].

Па словах Паолы Нагалес-Аскарунц, было прынята рашэнне даць віду імя «тылькаё» — менавіта так мясцовае насельніцтва называла гэтага ката[1].

Устаноўлена, што від жыве ў туманных лясах[en] (тып прыроднай зоны) на вышыні каля 1,5 км над узроўнем мора ў балівійскай правінцыі Паўночны Юнгас[en], у непасрэднай блізкасці ад прытулку, куды звер быў дастаўлены. Пры гэтым від быў добра вядомы некаторым мясцовым жыхарам, якія называлі яго «тылькаё». Паводле даных паўнагеномнага малекулярна-філагенетычнага аналізу, эвалюцыйная лінія гэтага віду аддзялілася ад ліній яго бліжэйшых сучасных сваякоў каля 1,4 млн гадоў таму (95-працэнтны інтэрвал[en] — 0,80—2,05 млн гадоў таму)[6].

На верасень 2026 года вядома як мінімум пра двух жывых прадстаўнікоў гэтага віду[7].

  1. 1 2 3 4 5 Ellis, Sophie. New species of wild cat discovered in Bolivia’s cloud forest (англ.). Discover Wildlife (17 верасня 2026). Праверана 17 верасня 2026.
  2. ↑ El hallazgo del «Tilcayo»: lo confundieron con un gato doméstico pero reveló la existencia de una nueva especie para la ciencia (ісп.). lanacion.com.
  3. 1 2 3 Lo criaron como un gato doméstico, cazaba gallinas y maullaba distinto: el ADN confirmó que era una especie silvestre desconocida (ісп.). infobae.com.
  4. ↑ Tilcayo, el nuevo gato silvestre de la ciencia: cómo es la primera especie de felinos descubierta en 100 años (ісп.). clarin.com.
  5. 1 2 3 Bittel, Jason. Meet the First New Cat Species Discovered in 100 Years (англ.). National Geographic (17 верасня 2026). Праверана 17 верасня 2026.
  6. 1 2 Lescroart J.; Nogales-Ascarrunz P.; Cassatt-Johnstone M.; et al. (2026). Phylogenomics and museomics reveal five distinct species of tiger cats in South America. Current Biology. doi:10.1016/j.cub.2026.08.059. (дадатак з апісаннем віду)
  7. 1 2 Nova vrsta mačke otkrivena u Boliviji, prva poslije više od jednog vijeka (серб.). vijesti.me. Праверана 18 верасня 2026.