Перайсці да зместу

Цэнтральная тыбецкая адміністрацыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Цэнтральная тыбецкая адміністрацыя
тыб.: བཙན་བྱོལ་བོད་མིའི་སྒྲིག་འཛུགས་
Краіна
Адміністрацыйны цэнтр
Адрас Дхарамсала, Хімачал-Прадэш, Індыя
Тып арганізацыі урад у выгнанні
Заснаванне
Дата заснавання 28 красавіка 1959
tibet.net
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Цэнтра́льная тыбе́цкая адміністра́цыя (ЦТА; тыб.: བཙན་བྱོལ་བོད་མིའི་སྒྲིག་འཛུགས་; англ.: Central Tibetan Administration, CTA) — прадстаўнічая арганізацыя тыбетцаў у выгнанні са штаб-кватэрай у Дхарамсале, у індыйскім штаце Хімачал-Прадэш. Створана Далай-ламам XIV 29 красавіка 1959 года пасля яго ўцёкаў з Тыбета ў Індыю.[2]

ЦТА дзейнічае як урад у выгнанні, не кантралюе тэрыторыю Тыбета і не мае статусу ўрада прызнанай дзяржавы. Кітайская Народная Рэспубліка не прызнае адміністрацыю, а Індыя, дзе знаходзяцца яе галоўныя ўстановы, афіцыйна лічыць Тыбет часткай Кітая.[3] Асноўныя кірункі дзейнасці — палітычнае прадстаўніцтва тыбецкай дыяспары, падтрымка бежанцаў, захаванне тыбецкай мовы, культуры і рэлігійнай спадчыны.[4]

Пасля ўсталявання кантролю КНР над Тыбетам палітычнае сітуацыя ў рэгіёне заставалася напружанай. У сакавіку 1959 года, пасля паўстання ў Лхасе, Далай-лама XIV пакінуў Тыбет і атрымаў прытулак у Індыі.[5]

Будынак Цэнтральнага тыбецкага сакратарыята ў Дхарамсале.

29 красавіка 1959 года ў Масуры Далай-лама стварыў адміністрацыю тыбетцаў у выгнанні. У 1960 годзе яе цэнтр быў перанесены ў Дхарамсалу. Паводле ЦТА, разам з Далай-ламам або ў першыя гады пасля яго ўцёкаў з Тыбета выехалі больш за 80 тысяч тыбетцаў.[2] Новая адміністрацыя займалася ўладкаваннем бежанцаў, стварэннем паселішчаў, школ, манастыроў.

Ад пачатку Далай-лама XIV імкнуўся перабудаваць сістэму кіравання ў выгнанні ў больш прадстаўнічым кірунку. У лютым 1960 года ён заклікаў тыбетцаў стварыць выбарны орган. Першы склад прадстаўнічага органа налічваў 13 дэпутатаў; адным з яго ранніх рашэнняў стала скасаванне спадчынных тытулаў і арыстакратычных прывілеяў.[6] 2 верасня 1960 года абраныя прадстаўнікі склалі прысягу; гэтая дата адзначаецца ў тыбецкай дыяспары як Дзень тыбецкай дэмакратыі.[7]

У 1991 годзе была прынята Хартыя тыбетцаў у выгнанні — асноўны дакумент, які рэгулюе працу ЦТА. Хартыя пашыраецца на тыбетцаў, што падпарадкоўваюцца адміністрацыі, вызначае прынцыпы кіравання і падзел улады, а таксама патрабуе, каб нормы ЦТА адпавядалі мясцовым законам краін, у якіх пражывае дыяспара.[8] У 2001 годзе тыбетцы ў выгнанні ўпершыню наўпрост абралі кіраўніка выканаўчай улады — калон-трыпу, а ў 2011 годзе Далай-лама XIV адмовіўся ад палітычных паўнамоцтваў. Ён тлумачыў гэты крок тым, што кіраўнік павінен быць абраны шляхам свабоднага галасавання.[9] Пасля гэтай рэформы палітычнае кіраўніцтва перайшло да выбарнага кіраўніка адміністрацыі — сік’ёнга.[2]

Палітычны статус і пазіцыі бакоў

[правіць | правіць зыходнік]

ЦТА называе сябе прадстаўніцтвам тыбетцаў у Тыбеце і за яго межамі, але фактычна дзейнічае перадусім у дыяспары. Яна арганізуе выбары, падтрымлівае сетку ўстаноў, выдае дакументы супольнасці, вядзе інфармацыйную і міжнародную працу.[3]

Пазіцыя КНР адносна ЦТА рэзка адмоўная. У 2024 годзе прадстаўнік МЗС КНР Лінь Цзянь назваў тыбецкі ўрад у выгнанні «сепаратысцкай палітычнай групай» і «незаконнай арганізацыяй», якая, паводле кітайскага боку, супярэчыць канстытуцыі і законам КНР.[10] Кітайскія ўлады таксама лічаць Далай-ламу сепаратыстам.[11]

Афіцыйная пазіцыя ЦТА грунтуецца на так зваеым«сярэдняга шляху». Ён не прадугледжвае патрабавання незалежнасці Тыбета, а ставіць за мэту «сапраўдную аўтаномію» тыбетцаў у межах КНР.[12] Паводле Associated Press, афіцыйны дыялог паміж кітайскімі ўладамі і прадстаўнікамі Далай-ламы не аднаўляўся пасля 2010 года; разам з тым у 2026 годзе Пенпа Цэрынг заяўляў пра асцярожнае працягванне неафіцыйных кантактаў.[3]

Пытанне ЦТА цесна звязана са становішчам тыбецкай дыяспары. The Guardian, спасылаючыся на даследаванне Tibetan Centre for Human Rights and Democracy, пісала пра выпадкі сачэння, шантажу і пагроз у адносінах да тыбетцаў у выгнанні і іх сваякоў у Тыбеце. У матэрыяле адзначалася, што арганізаванасць тыбецкай дыяспары і дзейнасць ЦТА робяць яе адной з найбольш заўважных груп, якія крытыкуюць палітыку КНР адносна Тыбета.[4]

Выканаўчая ўлада

[правіць | правіць зыходнік]

Выканаўчую ўладу ўзначальвае Кашаг — кабінет ЦТА. Найвышэйшай палітычнай пасадай з’яўляецца сік’ёнг, якога тыбетцы ў выгнанні абіраюць на пяцігадовы тэрмін. Сік’ёнг вылучае калонаў — кіраўнікоў дэпартаментаў, а Тыбецкі парламент у выгнанні зацвярджае іх кандыдатуры.[2]

З 2021 года сік’ёнгам з’яўляецца Пэнпа Цэрынг, былы старшыня Тыбецкага парламента ў выгнанні. 27 мая 2026 года ён быў прыведзены да прысягі на другі тэрмін. Гэта быў чацвёрты выпадак прамых выбараў кіраўніка тыбецкай адміністрацыі ў выгнанні пасля таго, як Далай-лама XIV у 2011 годзе пакінуў палітычнае кіраванне.[3]

Заканадаўчая ўлада

[правіць | правіць зыходнік]
Будынак Тыбецкага парламента ў выгнанні.

Заканадаўчым органам ЦТА з’яўляецца Тыбецкі парламент у выгнанні — аднапалатны прадстаўнічы орган у Дхарамсале. Ён складаецца з 45 дэпутатаў. Тры гістарычныя вобласці Тыбета — У-Цанг, До-Тод і До-Мэд — маюць па 10 месцаў. Чатыры асноўныя школы тыбецкага будызму і традыцыя Бон маюць па 2 месцы. Яшчэ 5 месцаў замацаваны за тыбецкай дыяспарай: 2 — для Еўропы, 2 — для Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, 1 — для Аўстралазіі і часткі Азіі па-за Індыяй, Непалам і Бутанам.[7]

Выбары ў парламент адбываюцца кожныя пяць гадоў. Галасаваць могуць тыбетцы ў выгнанні, якім споўнілася 18 гадоў; кандыдат у парламент мусіць быць не маладзейшы за 25 гадоў.[7] Выбарац павінен мець сапраўдную «Зялёную кнігу» — дакумент, які выдаецца ЦТА і пацвярджае сувязь чалавека з тыбецкай супольнасцю ў выгнанні. Кандыдаты не ўдзельнічаюць у выбарах ад імя палітычных партый, хоць у самім парламенце існуюць групы ўплыву і ўстойлівыя палітычныя лініі.[6]

У 2026 годзе выбары ў 18-ы склад парламента прайшлі ў два этапы: папярэдні — 1 лютага, фінальны — 26 красавіка. Паводле выбарчай камісіі ЦТА, у 27 краінах працавалі 309 выбарчых участкаў і 1737 выбарчых службоўцаў. З 91 073 зарэгістраваных выбаршчыкаў у папярэднім туры прагаласавалі 51 140 чалавек, у фінальным — 41 638 чалавек. Былі абраныя 45 дэпутатаў, з якіх 17 не ўваходзілі ў папярэдні склад парламента.[13]

Удзел у фінальным этапе выбараў 2026 года быў ніжэйшы, чым на папярэдніх выбарах: прагаласавала на 9502 чалавекі менш. Сярод прычын называліся інтэграцыя часткі тыбетцаў у грамадствы краін пражывання і слабейшая зацікаўленасць моладзі ў палітыцы дыяспары.[6]

Судовая ўлада

[правіць | правіць зыходнік]

Судовую галіну ЦТА прадстаўляе Тыбецкая вярхоўная юстыцыйная камісія. Яна дзейнічае ў межах Хартыі тыбетцаў у выгнанні і разглядае спрэчкі ў арганізаванай супольнасці тыбетцаў. Хартыя прадугледжвае, што менавіта гэтая камісія вырашае пытанні адпаведнасці законаў, выканаўчых распараджэнняў і правіл палажэнням Хартыі.[8]

Зала пасяджэнняў Тыбецкага парламента ў выгнанні.

Першапачаткова асноўнымі задачамі адміністрацыі былі дапамога бежанцам, стварэнне паселішчаў, школ і рэлігійных устаноў. Пазней дзейнасць ЦТА пашырылася: яна арганізуе выбары, падтрымлівае мясцовыя прадстаўнічыя органы ў тыбецкіх паселішчах, вядзе ўлік унёскаў праз «Зялёную кнігу», займаецца адукацыйнымі і культурнымі праграмамі, а таксама падтрымлівае міжнародныя кантакты.[7][4]

Асобны кірунак — падтрымка сувязі паміж дыяспарай і гістарычным Тыбетам. У выбарчай сістэме гэта выяўляецца праз прадстаўніцтва трох гістарычных абласцей, хоць выбары на гэтых тэрыторыях немагчымыя. Выхадцы з адпаведных рэгіёнаў у эміграцыі такім чынам захоўваюць сімвалічную і палітычную сувязь з радзімай.[6]

Зноскі

  1. ↑ Aligned ISNI and Ringgold identifiers for institutions // zenodo — 2017. — doi:10.5281/ZENODO.758080 Праверана 29 мая 2019.
  2. 1 2 3 4 Executive (англ.). Central Tibetan Administration. Праверана 30 чэрвеня 2026.
  3. 1 2 3 4 Ashwini Bhatia. Penpa Tsering sworn in for a second term to lead Tibet’s government-in-exile (англ.). Associated Press (27 мая 2026). Праверана 30 чэрвеня 2026.
  4. 1 2 3 Helen Davidson. Beijing accused of using spying, threats and blackmail against Tibetan exiles (англ.). The Guardian (10 лютага 2024). Праверана 30 чэрвеня 2026.
  5. ↑ Далай Лама: «Тыбет — гэта пекла на Зямлі». Наша Ніва (11 сакавіка 2009). Праверана 30 чэрвеня 2026.
  6. 1 2 3 4 Яўген Карамян. «Я — Тыбет, я галасую за Тыбет». Як працуе парламент тыбецкага ўраду ў выгнанні. Новы Час (23 мая 2026). Праверана 30 чэрвеня 2026.
  7. 1 2 3 4 Legislature (англ.). Central Tibetan Administration. Праверана 30 чэрвеня 2026.
  8. 1 2 The Charter of Tibetans-in-Exile (англ.). Central Tibetan Administration. Праверана 30 чэрвеня 2026.
  9. ↑ Далай-лама сыходзіць з пасады кіраўніка ўрада Тыбета ў выгнанні. Наша Ніва (10 сакавіка 2011). Праверана 30 чэрвеня 2026.
  10. ↑ China slams Dalai Lama’s gov't-in-exile as ‘outright separatist’ organization (англ.). Anadolu Agency (20 чэрвеня 2024). Праверана 30 чэрвеня 2026.
  11. ↑ Далай-лама прыдумаў, як вызначыць сабе намесніка і абхітрыць Кітай. Наша Ніва. Праверана 30 чэрвеня 2026.
  12. ↑ Middle Way Approach (англ.). Central Tibetan Administration. Праверана 30 чэрвеня 2026.
  13. ↑ Election Commission Declares Elected Members of 18th Tibetan Parliament in Exile (англ.). Central Tibetan Administration (13 мая 2026). Праверана 30 чэрвеня 2026.