Перайсці да зместу

Адушаўлёнасць

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Адушаўлёнасць — граматычная катэгорыя, якая выражае проціпастаўленне двух тыпаў назоўнікаў, часткова прыметнікаў, дзеепрыметнікаў, лічэбнікаў і займеннікаў, паказвае адносіны абазначаных назоўнікамі прадметаў да жывой і нежывой прыроды. Адушаўлёнымі з’яўляюцца назоўнікі, якія абазначаюць у асноўным жывых істот. Адушаўлёнасцю характарызуюцца таксама атрыбутыўныя часціны мовы, што служаць дадатковым фармальным сродкам абазначэння адушаўлёнасці назоўнікаў, і займеннікі я, ты, мы, вы, сябе, хто (і яго дэрываты). Неадушаўлёныя назоўнікі, атрыбутыўныя словы і асобныя займеннікі абазначаюць прадметы нежывой прыроды, з’явы і падзеі або ўказваюць на іх[1].

У беларускай мове

[правіць | правіць зыходнік]

Граматычна адушаўлёнасць праяўляецца ў форме вінавальнага склону множнага ліку: у адушаўлёных назоўніках супадае з формай роднага, а ў неадушаўлёных — назоўнага склону (няма людзей — бачыць людзей, няма дрэў — бачыць дрэвы)[2]. Для адзіночнага ліку адушаўлёнасць выражаецца супадзеннем формаў дапасаваных азначэнняў у вінавальным і родным склонах, а неадушаўлёнасць — у вінавальным і назоўным (назоўны склон: высокі мужчына, высокі ясень; родны склон: высокага мужчыны, высокага ясеня; вінавальны склон: высокага мужчыну, высокі ясень).

Пад катэгорыю адушаўлёных часам граматычна падводзяцца некаторыя неадушаўлёныя прадметы і наадварот. Мнагазначнае слова можа быць адушаўлёным у адным са сваіх значэнняў і неадушаўлёным у другім (разгалісты дуб ‘дрэва’, сапраўдны дуб ‘неадукаваны чалавек’)[1][2].

  1. 1 2 Адушаўлёнасць — неадушаўлёнасць // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2010. — Т. 1. — С. 68. — 704 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0496-9.
  2. 1 2 Адушаўлёнасць — неадушаўлёнасць // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — С. 140. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).